ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,
хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).
Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.
А.У.Руцкі.
т. 4, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)